Творчая дзейнасць народнага артыста Савецкага Саюза, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Генадзя Іванавіча Цітовіча з’яўляецца адной з найбольш яркіх старонак фальклорна-музычнага жыцця Беларусі. Яго ведаюць як заснавальніка найстарэйшага, найбольш самабытнага хору вёскі Вялікае Падлессе, арганізатара і мастацкага кіраўніка Дзяржаўнага акадэмічнага народнага хору БССР, фалькларыста-даследніка, аўтара вядомых прац па актуальных праблемах сучаснай фалькларыстыкі, а таксама аўтара-складальніка анталогій і зборнікаў уласных запісаў народных песняў.

 

 

            Генадзь Іванавіч Цітовіч – чалавек, закаханы ў мастацтва свайго народу. Само жыццё, складанае і нялёгкае, быццам бы адліла, выкавала гэтага няўрымслівага шукальніка, навукоўца, тонкага, пранікнёнага мастака.

 

            Як жа пачынаў ён свой шлях у мастацтве, што зрабіла яго такім, якім мы яго ведаем і любім сёння? Калі пачала вызначацца яго любоў да музыкі? Магчыма, зарадзілася яна доўгімі зімовымі вечарамі, калі ў сям’і выконвалі цудоўныя народныя песні, вялікай знаўцай і аматаркай якіх была ягоная бабуля. А магчыма, узнікла яна ў гады заняткаў у Віленскай семінарыі на рэпетыцыях хору. Але хутчэй за ўсё “віноўны” ў гэтым быў Рыгор Раманавіч Шырма і яго Віленскі гімназічны хор, нязменным удзельнікам якога на працягу некалькіх гадоў быў Генадзь Цітовіч. Ён і раней любіў і ведаў мноства беларускіх народных песняў, а пасля знаёмства з Шырмам, ягонымі лекцыямі пра літаратуру і народную музыку гэтая любоў зрабілася больш моцнай, усвядомленай і мэтанакіраванай.

 

            Скончыўшы Віленскую семінарыю, Генадзь Цітовіч не стаў працягваць заняткі ў духоўнай акадэміі (перспектыва зрабіцца святаром не вабіла яго), а, нягледзячы на шматлікія перашкоды і цяжкасці, паступае на прыродазнаўча-матэматычны факультэт Віленскага ўніверсітэта.

 

            Аднак цікавасць да музыкі не згасала. Ён удзельнічае ў выступах арганізаванага ім вакальнага квартэта, стварае для яго апрацоўкі народных песняў.

 

            А яшчэ праз некаторы час Генадзь Цітовіч робіцца кіраўніком універсітэцкага хору. Калектыў прымаў актыўны ўдзел у канцэртах студэнцкага клуба, і менавіта тут малады хармайстар пазнаёміўся з прафесарам кансерваторыі Тадэвушам Шэлігоўскім. Закаханы ў сваю справу, здольны хутка разбірацца ў людзях, ён адразу ж убачыў у Генадзі Цітовічы будучага музыку і настойліва параіў яму паступаць у кансерваторыю. Гэтак студэнт-біёлаг, не пакідаючы заняткаў у ўніверсітэце, робіцца адначасова і студэнтам кансерваторыі.

 

            Запісамі беларускіх народных песняў юнак захапляўся даўно. З гэтай мэтай ён зрабіў шэраг захапляльных фальклорных экспедыцый па навакольных сёлах і вёсках, а калі рэпертуар родных мясцін быў вычарпаны, ён прадпрымае фальклорныя падарожжы на Віцебшчыну па рацэ Дзясне. Гэткім чынам, да свайго паступлення ў кансерваторыю Генадзь меў ужо значную колькасць сабранага матэрыялу, аснову якога складалі беларускія народныя спевы. Але ён не толькі збірае, калекцыянуе іх, але і глыбока вывучае. Яго цікавяць прынцыпы пабудовы той ці іншай песні, інтанацыйны і рытмічны склад, характэрныя асаблівасці каляндарна-абрадавых, любоўных, баладных, побытавых, рэкруцкіх, гульнёвых і шмат якіх іншых песенных жанраў.

  

            Усё гэта дало магчымасць маладому этнографу ўжо на другім курсе кансерваторыі прачытаць даклад, а затым і надрукаваць артыкул “Беларускія валачобныя песні”. Праз год, у верасні 1936 года, у кракаўскім штотыднёвіку “Кур’ер літэратурна-навуковы” з’яўляецца артыкул “Беларуская народная музыка”, які выклікаў даволі шырокі рэзананс, бо быў прысвечаны малавядомай галіне этнаграфіі і знаёміў чытачоў з архітэктонікай беларускіх народных песняў.

 

            Г. Цітовіч працягвае свае фальклорныя экспедыцыі, увесь час пашыраючы іх геаграфію. Ён аб’ездзіў усю Заходнюю Беларусь, пабываў у самых глухіх вёсачках і хутарах. Дзе толькі не сустракалі фалькларыста! Заўсёды па-сяброўску настроены, вясёлы і дасціпны, ён быў жаданым госцем у любой хаце, з ім заўсёды ахвотна дзяліліся сваім мастацтвам майстры народных спеваў.

 

            Пераходзячы з адной вёскі ў іншую, ён бачыў і тое, як беларускі народ змагаўся з гвалтоўным апалячваннем, імкнуўся захаваць свае звычаі, мову, песні. З вялікай любоўю, як найбольш запаветную каштоўнасць, збіраў і запісваў Цітовіч рэвалюцыйныя песні, створаныя насельніцтвам Заходняй Беларусі.

 

            У сваёй этнаграфічнай дзейнасці Генадзь Цітовіч не абмяжоўваўся зборам толькі беларускага фальклору. Яго цікавілі праблемы узаемнага ўзбагачэння музычных культур розных народаў. Гэтак, вывучаючы балгарскія народныя песні, ён прыйшоў да высновы, што ў іх пабудове ёсць шмат агульнага з беларускай песняй. Не выклікалі ніякага сумненення і ўзаемасувязі беларускага фальклору з рускім, украінскім, польскім і літоўскім.

 

            Пазней назіранні і даследаванні пра ўзаемны ўплыў розных культур знайшлі адлюстраванне ў артыкулах “Рэвалюцыйная народная творчасць Заходняй Беларусі” (1919 – 1939), “Да пытання пра ўзаемасувязі беларусаў і літоўцаў у галіне песеннага фальклору”, “Украінска-беларускія сувязі ў народнай музыцы”.

 

            У 1939 годзе працоўныя Заходняй Беларусі ўз’ядналіся ў адзінай братэрскай сям’і народаў СССР. Шырока і вольна загучала народная беларуская песня. Запісы этнографа набылі значную музычна-практычную каштоўнасць. Да іх звяртаюцца кампазітары, кіраўнікі музычных калектываў мастацкай самадзейнасці, іх уключаюць у свой рэпертуар вядомыя выканаўцы.

 

            Закаханы ў народныя харавыя спевы, Генадзь Цітовіч кансультуе шматлікія самадзейныя хоры, спалучаючы гэтую працу з дзейнасцю адказнага рэдактара музычных перадач Баранавіцкага абласнога радыёкамітэта.

 

            Неяк ён пачуў па радыё выступ хору імя Пятніцкага і пачаў марыць пра стварэнне беларускага народнага хору. Рэдактарская камандзіроўка прывяла яго ў вёску Вялікае Падлессе. Там ён праслухаў невялікі мясцовы хор, які пеў у чыста народнай манеры. Генадзь Цітовіч зразумеў, што перад ім сапраўдная крыніца народнага мастацтва і што менавіта тут яго чакая цікавая творчая праца. З таго часу і пачалося цеснае і сталае супрацоўніцтва з гэтым калектывам, які з’яўляўся для яго своеасаблівай лабараторыяй народнай творчасці.

 

            У 1940 годзе хор прыняў удзел у абласным аглядзе мастацкай самадзейнасці і заваяваў першае месца. Высокі мастацкі ўзровень выканання пацвердзіўся і на рэспубліканскім аглядзе. Калектыў Падлескага хору вылучаецца для ўдзелу ў Першай дэкадзе беларускага мастацтва ў Маскве, дзе ён выступае з вялікім поспехам.

 

            Паездка ў Маскву прынесла Генадзю Цітовічу ўпэўненасць у тым, што ён знаходзіцца на вернай дарозе, якой не шкада прысвяціць усё жыццё. Але праз год пачалася Вялікая Айчынная вайна, і толькі пасля яе заканчэння Генадзь Іванавіч Цітовіч аднаўляе творчае аблічча калектыву, рыхтуе новыя канцэртныя праграмы. У 1945 годзе калектыў удзельнічае у абласным і рэспубліканскім аглядах мастацкай самадзейнасці і заваёўвае права зноў дэманстраваць сваё мастацтва ў Маскве.

 

            Вядомы савецкі кампазітар М. Коваль у газеце “Савецкае мастацтва” 7 верасня 1945 года пісаў пра выступ хору сяла Вялікае Падлессе: “…жанчыны запелі лірычную песню “Ой, рэчанька, рэчанька”. Незвычайнай прыгажасці песню яны пелі ціха, быццам баючыся расплёскаць яе цудоўную мелодыю, пелі з той артыстычнасцю, якая хвалюе і выклікае слёзы замілавання.

 

            Таленавіты кіраўнік хору Г. Цітовіч давёў, на які мастацкі ўзровень можна ўзняць калгасны хор”.

 

            А вось што пісаў у газеце “Праўда” 8 верасня 1945 года знакаміты савецкі хормайстар А.В. Свешнікаў: “Асаблівай увагі заслугоўвае хор беларускай народнай песні сяла Вялікае Падлессе Баранавіцкай вобласці (кіраўнік Г. Цітовіч). Гэты хор з’яўляецца сапраўднай перлінай народнага мастацтва. Выкананне хору поўнае невыказнай чароўнасці і цеплыні. Выканаўчая тэхніка хору вельмі высокая, у яго – ідэальная інтанацыя, выключна выразная нюансіроўка”.

 

            Адначасова Г.І. Цітовіч узнаўляе свае фальклорныя экспедыцыі. У яго нотных сшытках з’яўляюцца новыя запісы народных песняў. Былі сярод іх і старыя, традыцыйныя песні, і створаныя зусім нядаўна.

 

            У 1945 годзе ён пачуў у Плешчаніцах песню “Наш край” на значна перепрацаваны і скарочаны тэкст К. Буйло. Пазней, у харавой апрацоўцы А. Багатырова, гэтая песня стала шырока вядомай і шырока выконвалася як прафесійнымі, гэтак і самадзейнымі калектывамі. У тым жа годзе Генадзь Іванавіч запісаў у Бягомлі “Песню пра Заслонава”, а ў вёсцы Юравічы Калінкавіцкага раёна – песню, якая адразу ж набыла вялікую папулярнасць. Гэта – бадзёрая, аптымістычная “Узышоў свецел месячык”. У Лунінецкім раёне ён запісаў “Пінскую партызанскую”, а вёскі Казловічы і Цімкавічы падаравалі яму прыпеўкі “Пра калгаснае жыццё” і “Пра партызан”.

 

            Гэтак за кароткі тэрмін у фалькларыста назапасіўся багаты матарыял, які ён абагульніў у сваім навуковым дакладзе “Беларуская музычная практыка сёння”.

 

            Г.І. Цітовіч – не толькі прызнаны аўтарытэт у галіне этнаграфіі. Ён таксама і нястомны, палымяны прапагандыст беларускай культуры, і патрабавальны мастак. У 1952 годзе ён робіцца мастацкім кіраўніком арганізаванага ім Дзяржаўнага акадэмічнага хору БССР, выканаўчае майстэрства якога зараз шырока вядомае і Беларусі, і за мяжой.

 

            Арганізацыя новага музычнага калектыву была звязаная з вялікімі цяжкасцямі. Самабытнасць творчага аблічча беларускага народнага хору патрабавала ўважлівага дыферэнцыяванага адбору выканаўцаў падчас камплектавання груп будучага калектыву: харавой, танцавальнай, аркестравай, а таксама карпатлівай працы па фармаванні яго рэпертуару, аснову якога, паводле пераканання Генадзя Іванавіча, павінна складаць народная беларуская песня.

 

            Паколькі апрацовак нацыянальных песняў для беларускага народнага хору з яго спецыфічным гучаннем і патрабаваннямі да харавой аранжыроўкі было мала, Генадзь Іванавіч пачынае ствараць канцэртныя апрацоўкі для свайго калектыву. Гэтак з’яўляюцца знакамітыя “Рэчанька”, “Ой, рана на Івана” і іншыя.

 

            Харавыя апрацоўкі Г. Цітовіча каштоўныя перад усім тым, што ён ажжыццяўляе ў іх прыёмы імправізацыйнага народнага шматгалосся, натуральна-ладавай гармоніі і іншыя асаблівасці народнага музіцыравання. Г. Цітовіч не абмяжоўваўся толькі апрацоўкамі беларускіх нацыянальных песняў. На яго творчым рахунку апрацоўкі рускіх, украінскіх народных песняў. Вялікую дапамогу аказвае ён і самадзейным кампазітарам, ствараючы харавыя апрацоўкі іх песняў, сярод якіх “Наш Нёман”, “Пайду Ясю мілы” П. Шаўко, “Нездаровіцца” П. Косача і іншыя.

 

            У рэпертуары народнага хору ёсць і арыгінальныя творы Генадзя Іванавіча, напісаныя ў народным стылі: “Як той Зосі давялося”, “Калгасны вальс”, “Беларусь мая” і іншыя.

 

            Упершыню народны хор выступіў перад шырокай аўдыторыяй у дні святкавання 35-й гадавіны Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі. А ў хуткім часе ў Акруговым Доме афіцэраў адбыліся канцэрты калектыву са спецыяльнай вялікай праграмай у двух аддзяленнях.

 

            Музычная грамадскасць, беларускія кампазітары, крытыка адзінадушна адзначылі, што калектыў спявае чыста, гучна, валодае своеасаблівай выканаўчай манерай. Гэтак народны хор атрымаў пуцёўку ў жыццё, пачалася яго актыўная творчая дзейнасць: гастрольныя паездкі па Беларусі і іншых рэспубліках, выступы на шматлюдных святах песні, аглядах, конкурсах, па радыё, шматлікія шэфскія канцэрты.

 

            Але найбольш значнай падзеяй у творчым жыцці зусім яшчэ маладога калектыву быў ўдзел у канцэртах Другой дэкады беларускага мастацтва і літаратуры ў Маскве (1955). Пра мастацкі ўзровень дэкадных канцэртаў Дзяржаўнага народнага хору Беларускай ССР красамоўна казалі шматлікія рэцэнзіі ў цэнтральным друку, якія адзінадушна адзначылі чысціню інтанацыі, цудоўнае выкананне класічных узораў беларускай народнай песні, маляўнічы паказ народных танцаў. Гэтак, газета “Праўда” 21 лютага 1955 года ў нарысе “Спевакі, музыкі, танцоры Беларусі” пісала: “У Беларусі шырока развітая харавая самадзейнасць. З самадзейнасці выйшаў і створаны ў 1952 годзе Беларускі дзяржаўны народны хор пад мастацкім кіраўніцтвам Г. Цітовіча.

 

Харавая, танцавальная і аркестравая групы, якія складаюць ў цэлым народны хор, укамплектаваныя моладдзю – ўдзельнікамі мастацкай самадзейнасці Магілёўшчыны, Палесся, Гомельшчыны і іншых раёнаў рэспублікі.

 

            Моладзь прынесла з сабой шмат бадзёрасці і запалу. У той жа час колькі народнай мудрасці ўкладзена ў выкананне простых, даходлівых песняў беларускага народу!

 

            Слухаеш цудоўныя лірычныя, жартоўныя песні ў выкананні жаночага хору і міжволі забываеш, што гучаць яны са сцэны, - здаецца, што спяваюць іх дзяўчаты дзесьці ў полі…

 

            Мастацтва гэтага калектыву па праўдзе народнае. Вялікая заслуга ў гэтым – Г. Цітовіча, вядомага беларускага этнографа і музыказнаўцы…”

 

            А вось што пісаў пра выканаўчую манеру народнага хору кампазітар М. Коваль у газеце “Савецкая культура” 20 лютага 1955 года: “Ужо на самым пачатку творчага шляху калектыву вызначылася яго характэрная манера выканання, якая ўзыходзіць да беларускай спеўнасці, - светлае лірычнае гучанне, мяккасць сэнсавай трактоўкі без эмацыйнага “націску”, без рэзкіх кантрастаў.

 

            Праграма дэкаднага канцэрта паказала ўзрослае майстэрства гэтага хору…”

 

            У 1957 годзе падчас падрыхтоўкі да Усесаюзнага і VI Сусветнага фестываляў моладзі ў Маскве Г. Цітовічу прыйшла думка стварыць з ліку артыстак хору вакальны актэт. Даволі хутка вызначыўся рэпертуар новага ансамбля. У яго ўвайшлі беларускія народныя песні “Рэчанька”, “Пры Дунаёчку”, “Рабачка” ў апрацоўцы Цітовіча, “Закаці, закаці ты, яснае сонейка” ў апрацоўцы К. Паплаўскага, некалькі мелодый прыпевак і іншыя.

 

            А праз дзесяць год Генадзь Іванавіч выгадаваў яшчэ адзін цудоўны калектыў – жаночы вакальны квартэт і даў яму пяшчотную назву “Купалінка”. Гэты квартэт адразу ж атрымаў шырокае прызнанне аматараў музыкі, а з часам зрабіўся самастойным калектывам. У 1968 годзе Генадзю Іванавічу Цітовічу за высокае выканаўчае майстэрства кіраванага ім хору, а таксама актыўную музычна-асветніцкую дзейнасць было наданае высокае званне “Народны артыст Савецкага Саюза”.

 

            Ён зрабіўся актыўным прапагандыстам беларускага музычнага мастацтва і за мяжой. Хор і яго групы гастралявалі ў Польшчы, Румыніі, Венгрыі, Канадзе, Балгарыі, Фінляндыі, Францыі.

 

            Інтэнсіўная канцэртная дзейнасць, а таксама высокі ўзровень мастацкага выканання стымулююць стварэнне новых рэпертуарных твораў беларускіх кампазітараў для гэтага калектыву. Ён з’яўляецца першым выканаўцам і інтрэпрэтатарам шматлікіх песняў У. Алоўнікава, І. Кузняцова, Ю. Семянякі і іншых кампазітараў.

 

            Цяжка пераацаніць тое дабратворнае ўздзеянне, якое аказвае народны хор на развіццё музычнай культуры нашай рэспублікі і асабліва на развіццё самадзейнага мастацтва. Дзякуючы адкрытым канцэртам, перадачам па радыё і тэлебачанні, запісам, калектыў набыў незвычайна шырокую аўдыторыю слухачоў. І не толькі слухачоў, але і ўдзельнікаў самадзейных народных хораў, якія пераймаюць у сваіх калегаў-прафесіяналаў стыль выканання, багаты рэпертуар, які складаецца з найлепшых узораў традыцыйных і сучасных народных песняў і танцаў, твораў беларускіх кампазітараў.

 

            З 1974 года абавязкі мастцага кіраўніка Дзяржаўнага народнага хору БССР Г.І. Цітовіч перадае таленавітаму хормайстру М.П. Дрынеўскаму і шмат часу прысвячае культурна-асветніцкай, навукова-даследчай працы: бярэ ўдзел ў пленумах і з’ездах Саюза кампазітараў, міжнародных сімпозіумах і канферэнцыях у галіне фальклору, кіруе семінарамі самадзейных кампазітараў, кансультуе навуковыя працы маладых музыказнаўцаў. Ён шмат працуе на радыё, тэлебачанні: стварае некалькі цыклаў канцэртаў-нарысаў пад агульнай назвай “Беларуская народная музыка”.

 

            За гады сваёй фальклорна-збіральніцкай дзейнасці Г.І. Цітовіч запісаў больш за тры тысячы лепшых узораў народнай музычнай творчасці і мог бы скласці “Анталогію” выключна з іх. Аднак ён вывучыў больш за пяць тысяч надрукаваных фальклорных запісаў і звыш трох тысяч – з рукапісных калекцый беларускіх этнографаў, выбраўшы з гэтай велізарнай колькасці матэрылу найбольш каштоўнае ў мастацкіх адносінах. Асноўным крытэрыям пры складанні “Анталогіі” былі мастацкія якасці не толькі напеву, але і паэтычнага тэксту песняў, імкненне як мага паўней раскрыць усю разнастайнасць вядомых жанраў музычнага фальклору, паказаць песні з усіх куткоў Беларусі.

 

            Нотны матэрыял “Анталогіі” складае два раздзелы: “Песні дасавецкага перыяду” і “Песні савецкай эпохі”.

 

            У прадмове адсочваецца і тэарэтычна абгрунтоўваецца паслядоўнасць працэсаў развіцця народнага музычнага мастацтва, паступовасць пераходу ад старой традыцыйнай да сучаснай народнай песні, пашырэнне яе дыяпазону, рытмічная і меладычная эвалюцыя.

 

            У каментарыях да “Анталогіі” аўтар не толькі класіфікуе матэрыял па раздзелах і расказвае, калі, кім, дзе і ад каго запісаная тая ці іншая песня, але і называе яе варыянты, у якіх зборніках яна друкавалася раней, якімі кампазітарамі і ў якіх творах была выкарыстаная ў якасці меладычнага матэрыялу. Безумоўна, што гэты раздел кнігі незвычайна карысны і патрэбны музыказнаўцам, даследнікам гісторыі беларускай нацыянальнай музыкі.

 

            Як вучонага-фалькларыста, Г. Цітовіча цікавяць праблемы развіцця народнага харавога шматгалосся. Гэтай тэме былі прысвечаныя працы “Пра двухгалосны спеў”, зборнік песняў Падлескага хору “Беларускія двухгалосныя песні”, зборнік “Песні шчасця”, дзе сабраныя двух-, трохгалосныя песні савецкага часу.

 

            Найбольш значным унёскам у развіццё нацыянальнай музычнай культуры з’яўляецца кніга Г. Цітовіча “Пра беларускі песенны фальклор”, у якой найбольш поўна адлюстроўваецца накіраванасць навуковай і практычнай дзейнасці аўтара. Кола праблемаў, ахопленых у артыкулах гэтай кнігі, шырокае і разнапланавае. У той жа час для іх характэрнае арганічнае ўнутранае адзінства, што абумоўлена і самім падыходам даследніка да матэрыялу, і сістэмным раскрыццём тэматыкі. У нарысах ясна выяўляюцца і творчыя рысы аўтара: вялізная любоў да беларускага фальклору і выдатнае веданне яго, шырыня, абгрунтаванасць навуковых высноў. Паводле сцверджання этна-музыказнаўцы З.Я Мажэйка, кнігу па праву можна лічыць “энцыклапедыяй беларускай народнай музыкі”.

 

            Г.І. Цітовічу належыць таксама прыярытэт у галіне даследвання народнай музычнай творчасці, у якой знайшло яскравае адлюстраванне сацыяльнае і культурнае жыццё народу Беларусі. Ён – аўтар нарысаў, артыкулаў, для якіх характэрны глыбокі сацыяльны аналіз, смелыя абагульненні, заснаваныя на грунтоўным веданні фактычнага матэрыялу.

 

            У 1978 годзе за стварэнне “Анталогіі беларускай народнай песні” і кнігі “Пра беларускі песенны фальклор” Г.І. Цітовічу была прысуджаная Дзяржаўная прэмія БССР.

 

            Творчыя поспехі Г.І. Цітовіча ў значнай ступені абумоўленыя яго эрудыцыяй, глыбокім і усебаковым веданнем жыцця народу, шчырым, сардэчным сяброўствам са стваральнікамі і выканаўцамі народнай музыкі.

 

            Найлепшым адпачынкам ён лічыць паездкі ў самадзейныя народныя хоры, часта бывае ў Азяршчыне, Кэрэлічах, Морачы і іншых вёсках. Але часцей за ўсё бывае ён у Вялікім Падлессі.

 

            Шмат гадоў прайшло з таго часу, калі таленавіты мастацкі кіраўнік стварыў Падлескі народны хор і ўзняў яго спеўную культуру да ўзроўню высокага мастацтва.

 

            Восенню 1979 года ў калгасным клубе ўрачыста адзначылі 40-годдзе Падлескага народнага хору. Г.І. Цітовіч правёў падрыхтоўку да юбілею, і зноў харысты пад яго кіраўніцтвам выконвалі песню пра сваю родную вёску:

 

Між палёў шырокіх

 На краі Палесся

 У садах расцвітае

 Вёска Падлессе…

 

            А 16 лютага 1980 года на агульным сходзе калгаснікаў Падлескага калгаса імя Леніна адзінагалосна была прынятая пастанова “Пра наданне ганаровага звання “Заслужаны калгаснік” Генадзю Іванавічу Цітовічу за шматгадовую і актыўную працу ў калгаснай вытворчасці”. Гэтак ён першы сярод беларускіх музыкаў атрымаў гэтае званне і ганарыцца ім.

 

Больш чым за пяцьдзесят год творчай дзейнасці створана нямала, але прага новых запісаў, новых экспедыцый, новых сустрэч з цікавымі людзьмі ніколі не мінала ў Генадзя Іванавіча. Летам ён арганізоўваў працяглыя экспедыцыі, абраўшы сабе ў спадарожнікі кагосьці з паэтаў, кампазітараў, музыказнаўцаў ці проста людзей, якія любяць прыроду Беларусі, беларускую песню, цудоўных народных выканаўцаў.

 

            Народнае мастацтва заўсёды застаецца маладым. І людзі, якія закаханыя ў яго, якія аддаюцца яму без рэшты, не старэюць.

  • 2010-03-16_12-30-44_0011
  • 2010-03-16_12-31-53_0012
  • 2010-03-16_12-33-01_0013
  • 2010-03-16_12-33-59_0014
  • Titovich_Drinevskii