Народны хор быў створаны ў 1952 годзе выдатным дзеячам беларускай музычнай культуры Генадзем Іванавічам Цітовічам. Г.І.Цітовіч – народны артыст СССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР, харавы дырыжор. Фалькларыст. Этнограф, які пабываў ва ўсіх кутках Беларусі ў пошуках новых талентаў і запісаў. Ужо на раннім этапе станаўлення народнага хору пад кіраўніцтвам Г.І.Цітовіча музычная крытыка адзначыла высокае выканальніцкае майстэрства калектыву, якое хвалявала сваёй навізной, самабытнасцю, непасрэднасцю. 

 

Народная песня – наша духоўная гісторыя. Мэта творчай дзейнасці хору калектыву – сабраць разам усё лепшае, што ёсць у скарбніцы беларускай нацыянальнай музычнай культуры і даць ёй новае сцэнічнае жыццё, таму што музычнае мастацтва валодае вялізнай сілай уздзеяння. Добрая песня, добрая музыка робіць чалавека лепшым, чысцейшым.

На сённяшні дзень можна вызначыць тры галоўныя напрамкі творчай дзейнасці хору: - раскрыццё народнай песні ў яе натуральным выглядзе, ва ўсёй першароднай чысціні; - раскрыццё свайго харавога, прафесійнага майстэрства ў акапэльным выкананні; - паказ на сцэне адзінства песні, інструментальнай музыкі і танца, калі тры вiды мастацтва (харавое, танцавальнае, аркестровае) выступаюць адначасова, ствараючы яркае і маляўнічае відовішча.

Ужо на раннім этапе станаўлення народнага хору пад кіравўніцвам Г.І.Цітовіча музыкальныя крытыкі адзначылі высокае выканальніцкае майстэрства, якое хвалявала сваёй свежасцю, самабытнасцю, непасрэднасцю.

У пачатку 1955 года газета "Правда" не пашкадавала натхнёных слоў на водгук аб выступе калектыву: «…Сколько народной мудрости вложено в исполнение простых, доступных песен белорусского народа! Слушаешь прекрасные протяжные, лирические, шуточные песни в исполнении женского хора и невольно забываешь. Что поют в концерте. Кажется, поют девушки где-то в поле, ярко представляешь себе цветущую Беларусь, красоту ее природы, духовное богатство ее народа…» («Правда», 25.02.1955г.)

Калектыў хору звязвае цеснае сяброўства з беларускім саюзам кампазітараў. Шматлікія творы У.Алоўнікава, І.Кузняцова, Ю.Семенякі, З.Палонскага, І.Лучанка, Э.Ханка ўпершыню прагучалі ў выкананні хору.

У лістападзе 2001 года адбылася прэм'ера абраду-дзеяння "Беларускае вяселле" па матывах беларускіх вясельных песень Палесся і Прыазер'я, якая нарадзілася ў творчым саюзе кампазітара В.Кузняцова і этнамузыколага З.Мажэйка. Хор бліскуча асвоіў творы мінулых гадоў: «Шумел камыш», «Степь да степь кругом», «Там вдали за рекой», «Огонек», «По морям, по волнам»і інш., якія з вялікай цеплынёй прымаюцца гледачамі і ў цяперашні час.

Народны хор шмат гастраляваў як па Беларусі, так і за яе межамі. Выступленне калектыву з натхненнем прымалі ў Маскве і Ленінградзе, у гарадах Цэнтральнай Расіі, на Каўказе і Ўкраіне, у Прыбалтыцы і Малдавіі. На карце гастроляў шмат замежных маршрутаў: Кітай, Чэхаславакія, Югаславія, Канада, Балгарыя, Венгрыя, Румынія, Францыя, Германія, Фінляндыя, Турцыя, Карэя, Польшча. Калектыў Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь імя Г.І.Цiтовіча прымаў удзел у шматлікіх міжнародных конкурсах і фестывалях: 1955 год - V Міжнародны фестываль моладзі і студэнтаў у г. Маскве, залаты медаль - жаночай групе хору; 1968 - ІХ Міжнародны фестываль студэнтаў у Балгарыі, вялікі залаты медаль жаночага вакальнага квартэта "Купалінка"; 1967-1970 гады - Усесаюзныя агляды конкурсы, дыпломы І-ай ступені; 1980 - Ганаровая грамата Алімпіяды - 80; 1989 - Міжнародны фестываль "Красавіцкая вясна" ў Карэі - галоўны прыз фестываля "Срэбны кубак" і дыплом І ступені ў калектыву хору, уяўляў народнае мастацтва Беларусі на днях культуры ў Польшчы, ГДР, ФРГ, Турцыі, КНР, на Міжнародным фестывалi фальклору ў г.Сэнт (Францыя) і інш. Калектыў хору выступаў з канцэртамі ў Крамлёўскім Палацы з'ездаў, удзельнічаў ва ўсіх канцэртах усесаюзных з'ездаў і святаў у г. Маскве.

За выдатныя поспехі ў галіне харавога мастацтва, прапагандзе беларускай нацыянальнай культуры, высокі ўзровень выканальніцкага майстэрства:

- ў 1983 годзе хору было прысвоена званне "акадэмічны".

- з 1987 года калектыў носіць імя Г.І.Цітовіча.

- у 2002 годзе прысвоена званне "нацыянальны". Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 10.верасня 2004 г. № 1129 Нацыянальны акадэмічны народны хор Рэспублікі Беларусь імя Г.І.Цітовіча названы дзяржаўнай установай культуры, якая мае адмысловае значэнне для захавання, развіцця і распаўсюджвання беларускай нацыянальнай культуры.

Змяняюцца канцэртныя праграмы. З'яўляюцца новыя песні, танцы, аркестровыя творы, але нязменным застаецца майстэрства, найвысачайшы прафесіяналізм артыстаў калектыву "Нацыянальны акадэмічны народны хор Рэспублікі Беларусь імя Г.І.Цітовіча", якія дастойна нясуць народную песню, танец і музыку людзям.