Нацыянальны акадэмічны народны хор Рэспублікі Беларусь імя Г. І. Цітовіча

Пра нас

Нацыянальны акадэмічны народны хор Рэспублікі Беларусь імя Г.І.Цітовіча з'яўляецца адным з тых выдатных калектываў беларускай культуры, чыімі творчымі намаганнямі шмат у чым фарміруецца яе аблічча, яе нацыянальныя і агульнаславянскія якасці.

Калектыў выхаваў не адно пакаленне музыкантаў на лепшых традыцыях беларускай харавой школы, якія непарыўна звязаныя і бяруць свой пачатак у дасягненнях беларускага музычнага мастацтва.

Несумненна, што ўся творчая дзейнасць і тытанічныя намаганні гэтага ўнікальнага калектыву накіраваны на тое, каб прымножыць (але не дзяліць) нашы культурныя каштоўнасці і захаваць іх для нашчадкаў. Сведчаннем таго – паўсюднае прызнанне дзейнасці калектыву, яго рэпертуарная палітыка і геаграфія творчых выступаў.

Увогуле любы хор – з ява ўнікальная ў музычнай культуры. Наш жа беларускі хор, – адметны яшчэ і тым, што заўсёды, на працягу ўсяго існавання, беспярэчна грунтаваўся на беларускай песеннай традыцыі, дзе ўлічваліся і жанравыя разнастайнасць народнай музыкі , і яе рэгіянальны каларыт.

Слухаючы песню ў выкананні хора, ты абавязкова верыш таму, што чуеш: ты плачаш, сумуеш або весялішся разам з лірычным героем, ты акунаешся ў той час, ты дакранаешься да таго жыцця, ты разумееш і спачуваеш тым людзям. І сабрана ў гэтай песні ўсё: і адвечны шум дубровы, і вясновыя песня салаўя, туманны подых раніцы і крывава-барвовы захад сонца, роспачнае галашэнне ўдавы і марозныя званочкі на вясельных вазках, ціхі плач абяздоленай сіраты і жартоўна-фрывольны гумар народных прыпевак, шчасце першага кахання і горач страты, сумна-цягучая радасць ад скончанай нялёгкай працы і туга аб незваротнай маладосці…

Якое шчасце для ўсёй беларускай гісторыі, што знайшоўся ў свой час такі чалавек, заўзятар, – Генадзь Цітовіч, чалавек, які сабраў у адзін сноп раскіданыя па ўсёй Беларусі музычныя каласкі. Якія ж трэба мець талент, веру, каб на аснове сціплай палескай вясковай песні стварыць сапраўдны шэдэўр, непаўторны, ўнікальны, дагэтуль нікому не вядомы, але які неўзабаве прагучыць ва ўсім свеце! Толькі неймавернае жаданне зберагчы і пранесці далей ў жыццё такі рэдкі і далікатны скарб, як беларуская народная песня, здольна дамагчыся пастаўленай мэты.

Так, ёсць на нашай зямлі людзі, якія нацыянальную ідэю ставяць перадусім, часта не зважаючы на свае ўласныя чалавечыя патрэбнасці, людзі апантаныя, поўнасцю паглыбленыя ў любімую справу. Такім самаадданым прадаўжальнікам светлай і ганаровай справы Цітовіча стаў Міхась Дрынеўскі, які, не скіроўваючы са шляху, зададзеным сваім настаўнікам, здолеў абагаціць і папулярызаваць беларускую народна-песенную прастору. І сёння самая важная наша задача – захаваць гэты так беражна сабраны і бескарысліва падараваны нашым народам скарб ў тым выглядзе, ў якім мы яго атрымалі.

Прайшоўшы шматлікія годы развіцця і станаўлення, на сучасным этапе калектыў хору ўвасабляе сабой сінтэз розных музычных жанраў, падпарадкавах агульнай творчай задумцы. Адначасовае прадстаўленне на сцэнічнай пляцоўцы інструментальнага выканальніцтва, народнага вакала і харэаграфіі з’яўляецца адметнай рысай калектыву, што падкрэслівае яго самабытнасць, ствараючы яркае і маляўнічае відовішча, якое ўвасабляе сінтэз традыцый і сучаснасці, шматграннасць беларускай нацыянальнай культуры.

Шырокі творчы дыяпазон дазваляе хору ўключаць у канцэртны рэпертуар аўтэнтычны фальклор розных часоў і народаў, арыгінальныя апрацоўкі беларускіх народых песен, царкоўнай музыкі, танцавальныя і інструментальныя нумары, створаныя на аснове народнай музыкі, разнастайную тэматыку сучасных аўтарскіх твораў, якія грунтуюцца на музычным матэрыяле, характэрным для беларускага песеннага фальклору. Але асноўная скіраванасць калектыву – народная нацыянальная творчасць. Беларуская народная песня, што вынонваецца як a capella, так і з музычным суправажэннем, народны танец ва ўсёй іх чысціні і першароднай прыгажосці займаюць ў рэпертуары вядучае месца.

Значны аб’ём працы праведзены ўдзельнікамі калектыву ў межах экспедыцый і праектаў па сборы і запісу народных песен у розных рэгіёнах Беларусі. Менавіта на аснове фальклору, запісанага падчас такіх вандровак, створаны многія творы з рэпертуару. Гэтая творчая лінія і зараз знаходзіць сваё ўвасабленне ў канцэртных праграмах Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору імя Г.Цітовіча. У залаты фонд увайшлі беларускія народныя песні, апрацаваныя Г.Цітовічам, К.Паплаўскім, М.Дрынеўскім: «Жавароначкі, прыляціце», «Закаці, яснае сонейка»,  «Ой, ты грушка, мая», «Ночы мае, начушкі», «Каля лесу туман», «Як пайду я дарогаю», аўтарскія творы «Беларусь – імя святое» (муз.Г.Казловай, верш М.Траццякова), «Салаўіная калыска» (муз. Л.Захлеўнага, верш У.Карызны), «Перамога народная» (муз. У.Карызны, верш У.Карызны), вакальна-харавыя кампазіцыі «Вясна ідзе», «Дажынкі», «Лявоніха», «Мяцеліца» і шматлікія іншыя.

Аб калектыве існуе шмат заметак і стацей у пячатных сродках масавай інфармацыі, у інтэрнэце, пра дзейнасць хору ствараюцца навуковыя работы, удзельнікі калектыву выступаюць з інтэрв’ю на беларускіх і замежных тэлеканалах, канцэртныя праграмы калектыву, дзякуючы іх высокім мастацкім якасцям і яркаму музычнаму зместу пастаянна запісваюцца беларускім радыё і тэлебачаннем, трансліруюцца ў эфіры нацыянальных тэле- і радыёканалаў.

Галерэя